Вяртанне кніжнай спадчыны. Факсімільнае ўзнаўленне
Убачыў свет друкаваны варыянт факсімільнага выдання Жухавіцкага Евангелля XVI ст. Яно падрыхтавана тыражом 99 экзэмпляраў з захаваннем усіх асаблівасцей арыгінала. Першы экзэмпляр перададзены дырэктарам музея Аляксандрам Лойка ў царкву Раства Іаана Прадцечы ў Малыя Жухавічы.



Першыя пісьмовыя згадкі пра Жухавічы датуюцца сярэдзінай XV ст. У 1512 г. яны былі набыты Юрыем Іванавічам Іллінічам, заснавальнікам Мірскага замка, і ў 1569 г. увайшлі ва ўладанні Радзівілаў.
Згодна з запісам, які захаваўся на адным з аркушаў рукапісу, Евангелле ў кастрычніку 1733 г. знаходзілася ў царкве ў Малых Жухавічах. Гэта значыць, што рукапіс мае беларускае паходжанне. Невядомы час перамяшчэння рукапісу ў Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, які дзейнічаў у 1921–1945 гг. У Бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Жухавіцкае Евангелле апынулася не пазней за 1947 г.
Культурны праект «Даследаванне і факсімільнае выданне помніка беларускага пісьменства Жухавіцкага Евангелля XVI ст.» з фондаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук быў ініцыіраваны музеем «Замкавы комплекс «Мір» у рамках работы Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь.
З 2019 г. у рамках праекта, музеем паралельна вырашаліся дзве асноўныя задачы, без рэалізацыі якіх, гаварыць пра факсімільнае ўзнаўленне было б немагчыма, а менавіта: першая – перамовы з праваўладальнікам на стварэнне якасных сканаў старонак кнігі і іх наступная перадача музею, другая – навуковае даследаванне помніка пісьменства. Перад сканіроўкай супрацоўнікамі Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук была праведзена поўная рэстаўрацыя помніка. Да рэалізацыі навуковага даследавання далучыліся высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне вывучэння мовы і мастацтвазнаўства рукапісных помнікаў.
Разам з факсімільным ўзнаўленнем Жухавіцкага Евангелля выйшла ў свет навуковае выданне "Даследаванне мовы і мастацкага аздаблення помніка беларускага пісьменства XVI ст. Жухавіцкага Евангелля" накладам 99 асобнікаў.



Вынікі праекта дазволяць працягнуць плённае навуковае вывучэнне Жухавіцкага Евангелля, а таксама шырока рэпрэзентаваць яго як выдатны узор кніжнай спадчыны Беларусі.
У раздзеле "Культурныя каштоўнасці" сайта "Інтэрнэт-партал "Вяртанне" змешчаны інфамацыйныя матэрыялы па дадзенай каштоўнасці, прадастаўленыя музеем «Замкавы комплекс «Мір».
Рэпартаж аб узнаўленні Жухавіцкага Евангелля тэлеканала АНТ.
_Інфармацыйныя матэрыялы і фота з сайта ўстановы «Музей «Замкавы комплекс «Мір»_


