Інфармацыйны рэсурс пра вернутыя, перамешчаныя і страчаныя культурныя каштоўнасці беларускага паходжання
У музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з 22 ліпеня працуе выстава “Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей”. Экспанатаў, прадстаўленных гледачу, няшмат, але іх значнасць перамагае колькасць.
Нягледзячы на значную цікавасць да асобы пісьменніка, з-за адсутнасці дакладных крыніц доўгі час застваліся невядомымі ці недастаткова вывучанымі многія факты з жыцця Яна Баршчэўскага. Дзякуючы рабоце спецыялістаў і так званаму "спадару Выпадку", з'явіліся новыя звесткі яго біяграфіі.
Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша адзначае: «Ян Баршчэўскі памёр на чужыне, каля яго не было сваякоў, былі сябры, якія не маглі ведаць дакладна, калі нарадзіўся пісьменнік, і меркавалі ўскосна. Знойдзеныя ў архівах Беларусі і Расіі адносна нядаўна дакументы дазваляюць нам даволі ўпэўнена сцвярджаць, што нарадзіўся Ян Баршчэўскі на тэрыторыі Невельскага павета Віцебскай губерніі каля 1793-1794 гадоў».
На выставе ў музеі кнігі можна пабачыць знойдзеную ў 2019 г. у г. Чуднаў Жытомірскай вобласці (Украіна) пахавальную пліту Яна Баршчэўскага, якая стала навуковай сенсацыяй і дазволіла адкрыць малавядомыя старонкі яго біяграфіі. На пліце змяшчаецца надпіс на польскай мове, які ў перакладзе на беларускую чытаецца так: «**Ян Баршчэўскі, прыхільнік Бога, прыроды і людзей, пісьменнік натхнення і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года**».

Сёлета пры падтрымцы Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл і Расонскага раённага выканаўчага камітэта надмагільная пліта вагою ў 35 кг была дастаўлена ў Беларусь і рэстаўравана скульптарам Ігарам Засімовічам.

Каштоўны артэфакт экспанаваўся ўжо ў музеях роднай для пісьменніка Віцебшчыны: у Расонах, Полацку і Віцебску, а цяпер ненадоўга трапіла ў Мінск. Пасля сканчэння тэрміну экспанавання ў Мінску каштоўны артэфакт вернецца на месца свайго паходжання.
Разам з пахавальнай плітой на выставе прадстаўлены каштоўныя артэфакты з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі – прыжыццёвыя выданні яго твораў: зборнік “Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” (1844–1846), альманах “Незабудка” (1840–1844) і іншыя выданні.




З дадатковыми матэрыялами па даследванні жыцця і дзейнасці Яна Баршчэўскага можна азнаёміцца ў артыкулах Зміцера Юркевіча "Чуднаўскі цуд… …або Пра помнік Яну Баршчэўскаму", "Вяртанне артэфактаў", а таксама на сайце Яна Баршчэўскага на партале Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі.
_Паводле матэрыялаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, грамадска-асветніцкай газеты "Культура", старонак М. Рыбакова і мерапрыемствы у сетцы Facebook, А. Гумінскай_

