16.02.2022

Да Міжнароднага дня дарэння кніг, які адзначаецца 14 лютага, Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала ў падарунак каштоўныя выданні з калекцыі княгіні Антоніі Радзівіл. Кнігі перадала відны славіст, папулярызатар беларускай культуры ў Швейцарыі **Моніка Банькоўскі**.

Фонд бібліятэкі папоўнілі двухтомнік _**“Souvenirs du general Cte Fleury”**_ (Парыж, 1897–1898) і выданне _**“Mgr. Dupanloup...” Emile Faguet**_ (Парыж, 1914), якія спадарыня Банькоўскі знайшла і набыла на швейцарскіх кніжных аўкцыёнах.

Моніка Банькоўскі – даўні сябар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя яна ўзначальвала аддзел славістыкі ў Цюрыхскай цэнтральнай навуковай і ўніверсітэцкай бібліятэцы. Пры яе дапамозе і актыўным удзеле было наладжана трывалае супрацоўніцтва з Нацыянальнай бібліятэкай у галіне міжнароднага дакументаабмену. Супрацоўніцтва паспяхова працягвалася да яе сыходу на пенсію.

Аднак абмен выданнямі з Монікай Банькоўскі не спыніўся і як з прыватнай асобай. З 2007 г. па сённяшні дзень бібліятэка атрымала больш за 600 асобнікаў перыёдыкі і каля сотні беларускіх рэтраспектыўных дакументаў, якія з’яўляліся на швейцарскіх аўкцыёнах. Спадарыня Банькоўскі працягвае дасылаць перыядычныя выданні _“Times Literary Supplement”_ і _“Aus dem Antiquariat”_. У сваю чаргу па яе замове бібліятэка адпраўляе некаторыя выданні, а таксама перыёдыку – _“Здабыткі”_ і _“Бібліятэчны свет”_.

Моніка Банькоўскі свабодна валодае беларускай мовай, яна неаднаразова брала ўдзел у міжнародных канферэнцыях, якія праводзяцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Яе звязваюць прафесійныя кантакты з супрацоўнікамі НДА кнігазнаўства.

Фота і матэрыялы сайта і інфармацыйных рэсурсаў _Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі_

Падзяліцца ў