Інфармацыйны рэсурс пра вернутыя, перамешчаныя і страчаныя культурныя каштоўнасці беларускага паходжання
У Нацыянальным мастацкім музеі 1 снежня 2023 г. пачала сваю работу выстава “Апалінарый Гараўскі. Да 190-годдзя з дня нараджэння”.


Апалінарый Гараўскі (1833–1900) – вядомы вузкім спецыялістам і амаль незнаёмы шырокай публіцы беларускі мастак жывапісец, творчая актыўнасць якога прыпала на сярэдзіну – другую палову XIX стагоддзя і была тэматычна непарыўна звязана з Беларуссю. Яго жыццё і творчасць сталі найцікавейшым прыкладам паспяховай кар’еры мастака XIX стагоддзя – ад сына дробнамаянтковага шляхціца (Ігуменскі павет, Мінская губерня) да папулярнага ў Расійскай імперыі і за яе межамі мастака. Шырока прадстаўлены на выставах пры жыцці, пасля смерці Апалінарый Гараўскі быў забыты. Толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя намаганнямі беларускіх мастацтвазнаўцаў яго імя вярнулася ў гісторыю мастацтва.
На выставе ўпершыню за апошнія 40 гадоў наведвальнікам прапанаваны панарамны агляд творчасці Апалінарыя Гараўскага ў кантэксце мастацкага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя. На выставе прадстаўлены новыя навуковыя адкрыцці ў галіне вывучэння творчасці і біяграфіі мастака, а таксама новыя атрыбуцыі яго твораў.
Аснову экспазіцыі складаюць творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

У выставачным праекце прымае удзел Дзяржаўны Рускі музей (г.Санкт-Пецярбург). З-за немагчымасці прывезці арыгінальныя творы ў Беларусь (дзейнічае забарона Міністэрства культуры Расіі на вываз музейных прадметаў) Рускі музей прадаставіў іх лічбавыя выявы для мультымедыйнага напаўнення, у тым ліку выявы малазнаёмых даследчыкам партрэтаў мастака працы М. Пален, графічнага партрэта А.Гараўскага, працы І. Крамскога, графічныя творы самаго А.Гараўскага.
У экспазіцыі таксама прадстаўлены работы настаўнікаў А.Гараўскага па Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу – творы Фёдара Бруні і Максіма Вараб’ёва, і брата мастака – пейзажыста Іпаліта Гараўскага.
_Даведачна_
_На сучасны момант спадчына выдатнага акадэміста прадстаўлена ў дзяржаўных і прыватных зборах розных краін свету. Сярод іх: Дзяржаўная Траццякоўская галерэя ў Маскве, Дзяржаўны Рускі музей у Санкт-Пецярбургу, Стаўрапольскі краёвай музей выяўленчых мастацтваў. У Беларусі 18 твораў А. Гараўскага уваходзяць у калекцыю Нацыянальнага мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, а карціна “Замак” была набыта ў беларускага прыватнага калекцыянера ў 2015 г. і зараз уваходзіць у мастацкі збор карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка._

_Цікава, што ў Беларусі карціны Апалінарыя Гараўскага пачала збіраць легендарная Алена Аладава (1907-1986) – мастацтвазнаўца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, дырэктар (1944-1977) Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (папярэднік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь). Яна набывала для музея карціны мастака ў 1950-1960-х гадах у прыватных калекцыянераў Ленінграда і Масквы. Менавіта яе намаганнямі ў Беларусь вярнуліся творы не толькі А. Гараўскага, але і В. Бялыніцкага-Бірулі, Ф. Рушчыца, а музейны фонд таксама папоўніўся працамі вядомых рускіх жывапісцаў (І. Айвазоўскага, В. Пукірава і інш.)._
_*Апалінарый Гараўскі (1833, маёнтак Уборкі Ігуменскага павета Мінскай губ., – 1900, маёнтак Кірылавічы Пецярбургскай губ.) – жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў у. М. Вараб'ёва і Ф. Бруні (1850-1854). Як пенсіянер акадэміі ў 1855-1860 гг. удасканальваў майстэрства ў Жэневе ў А. Калама, Дзюсельдорфе ў А. Ахенбаха, Парыжы, Рыме. У 1865-1885 гг. выкладаў у Пецярбургскай рысавальнай школе пры Таварыстве заахвочвання мастакоў. У 1860-1880-х гг. у летнія месяцы жыў у маёнтку Уборкі, выязджаў на Палессе, у Пскоўскую губерню, дзе збіраў матэрыял для твораў. Пісаў пейзажы і партрэты, адметныя высокім тэхнічным майстэрствам, жыццёвай праўдзівасцю, паэтычным асэнсаваннем навакольнага асяроддзя. У Беларусі створаны лепшыя з твораў Гараўскага, пейзажы з матывамі родных мясцін адрозніваюцца асаблівай эмацыянальнасцю, адыходам ад класіцысцкага акадэмізма.
У 1867-1878 гадах творы Апалінарыя Гараўскага экспанаваліся на сусветных выставах у Парыжы, Вене, Лондане і Філадэльфіі. У 1885-1886 гадах ён падарожнічаў па Сібіры, пісаў іконы для храмаў.
Памёр Апалінарый Гілярыевіч Гараўскі 10 красавіка 1900 года ў сваім маёнтку Кірылавічы пад Псковам._
Паводле інфармацыі з рэсурсаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, галерыя «АРТ-БЕЛАРУСЬ», установы культуры "Магілёўская абласная бібліятэка ім. У.І.Леніна"

